ВІЛЕ́ЙСКА-КУРАНЕ́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г. Вілейка і вёсках Куранецкага р-на Вілейскай вобл. Адзін з арганізатараў — А.І.Валынец. Аб’ядноўвала 75 чал., 14 груп, з іх 5 у Вілейцы (кіраўнікі Ю.​М.​Балашоў, І.​І.​Баслык, У.​М.​Жаўтко, Л.​В.​Чыжэўская, Н.​М.​Валынец), у вёсках Більцавічы (В.​А.​Рогач), Воўкаўшчына (К.​А.​Хаванскі), Куранец (М.​М.​Мацюкевіч, І.​Б.​Айнбіндэр), Талуць (М.​Я.​Кручонак), Урэчча (А.​І.​Ахрэм), Халопы (З.​П.​Бічун), Чабатары (В.​І.​Чабатар). Падпольшчыкі трымалі сувязь з партыз. брыгадай «За Савецкую Беларусь», стварылі падп. друкарню, у якой выдавалі лістоўкі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, здабывалі для партызан зброю, медыкаменты, харчаванне, дакументы, вызвалілі з фаш. лагера каля 300 ваеннапалонных, разграмілі варожы гарнізон у в. Каловічы, учынялі інш. дыверсіі. У Вілейцы ўдзельнікам падполля ўстаноўлена мемар. дошка, у в. Куранец — помнік.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)